Віктарын: Пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму могуць падпісаць да канца году
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
24.10.2018 12:11
„11 кастрычніка прайшоў чарговы раунд перамоў. Ён быў вельмі канструктыўным", - сказала прадстаўніца ЭЗ.
pixabay.com/Public Domain CC0
Беларусь і Эўразьвяз да канца году могуць падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму й аб рэадмісіі, заявіла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ Андрэа Віктарын 23 кастрычніка ў Менску перад прэзэнтацыяй праекта „Спрыяньне Рэспубліцы Беларусь у вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з павелічэньнем колькасьці нерэгулярных мігрантаў”.
„Пагадненьне аб рэадмісіі можа быць падпісанае толькі ў пакеце з пагадненьнем аб спрашчэньні візавага рэжыму. 11 кастрычніка прайшоў чарговы раунд перамоў. Ён быў вельмі канструктыўным. Бакі змаглі ўзгадніць асноўныя моманты тэксту пагадненьняў”, - сказала яна.
Паводле слоў Віктарын, засталося ўзгадніць некаторыя тэхнічныя дэталі. „Спадзяюся, што да канца году пагадненьні будуць падпісаныя”, - сказала яна.
Дыялёг аб спрашчэньні візавага рэжыму й рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 году.
belapan.by/аз