Logo Polskiego Radia
Print

МУС ня будзе рыхтаваць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.10.2018 16:14
Міністэрства лічыць мэтазгодным адмовіцца ад падрыхтоўкі самастойнага закона.
Photo: pixabay.com

20 кастрычніка аргкамітэт па зборы подпісаў за перагляд канцэпцыі законапраекта «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі атрымаў адказ з МУС на калектыўны зварот. У лісьце паведамляецца, што МУС лічыць мэтазгодным адмовіцца ад падрыхтоўкі самастойнага закона, а свае прапановы прапрацоўваць у рамках карэкціроўкі дзеючых заканадаўчых актаў краіны. Такое рашэньне зьвязанае з «высокім грамадзкім рэзанансам і меркаваньнем рэлігійных арганізацый, гаворыцца ў адказе за подпісам прадстаўніка МУС Алега Каразея.

Разам з тым у лісьце сказана, што кожны год у органы ўнутраных спраў Беларусі паступаюць зьвесткі пра звыш за 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў. Пры гэтым да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваюцца больш за 50 тысяч, да крымінальнай – каля 2,5 тысяч вінаватых.

Штогод ад рук сваіх блізкіх гіне звыш за 100 грамадзян – гэта траціна ўсіх загінулых ад забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. І ў больш за 80% выпадкаў першапрычынай злачынстваў і правапарушэньняў у сямейна-бытавых адносінах зьяўляецца злоўжываньне алькаголем.

«Ключавымі захадамі ў прафіляктыцы гвалту ў сям'і зьяўляюцца прафіляктычная размова, афіцыйнае папярэджаньне, ажыцьцяўленьне прафіляктычнага ўліку, ахоўнае прадпісаньне. Таму ў мэтах выкананьня пляна падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год МУС сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі быў падрыхтаваны праект канцэпцыі закона «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту», – гаворыцца ў адказе.

– Асноўнымі мэтамі падрыхтоўкі канцэпцыі зьяўляліся не ўвядзеньне новых мэтадаў і формаў выхаваньня дзяцей, а абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія падвяргаюцца хатняму гвалту, – піша Алег Каразей. – Паняцьці «гендар» і «гендарная роўнасьць» не ўводзяцца праектам канцэпцыі. Паняцьце «хатні гвалт» дакладна вызначае, што гэта наўмысныя супрацьпраўныя дзеяньні.
Таму, як тлумачыць прадстаўнік МУС, патрабаваньне адной асобы да другой – напрыклад, выканаць якую-небудзь працу па хаце – ня будзе кваліфікавацца як хатні гвалт – калі яно не парушае правоў, свабод і законных інтарэсаў, не прычыняе фізычных і псыхічных пакутаў.

Пры дапрацоўцы канцэпцыі былі выдаленыя некаторыя тэрміны, напрыклад, эканамічны гвалт. Былі прадугледжаныя захады, накіраваныя на недапушчэньне неабгрунтаванага ўмяшаньня ва ўнутрысямейныя адносіны, пашыраныя палажэньні, якія ўсталёўваюць сыстэму абароны правоў і законных інтарэсаў «крыўдзіцеляў».

паводле Наша Ніва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт