Урадавая дэлегацыя паехала на сустрэчу з кіраўнікамі МВФ і Сусьветнага банку
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.10.2018 14:48
Летась Беларусь адмовілася ад супраць зь Міжнародным валютным фондам, цяпер зноў пра гэта загаварылі.
photo: pixabay.com/CC0
Беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам эканомікі Дзьмітрыем Крутым накіравалася ў Нуса-Дуа (Інданэзія) для ўдзелу ў штогадовых пасяджэньнях саветаў кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і групы Сусьветнага банку, якія праходзяць з 8 па 14 кастрычніка.
«Прадстаўнікі Беларусі традыцыйна прымаюць удзел у дадзеным форуме высокага ўзроўню, выкарыстоўваючы яго як пляцоўку для ўзгадненьня пазыцый з вышэйшым кіраўніцтвам міжнародных фінансавых арганізацый па актуальных пытаньнях двухбаковага супрацоўніцтва», – паведамляе прэс-служба Мінэканомікі.
Заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам ключавых міжнародных фінансавых арганізацый. На сустрэчах зь кіраўніцтвам Сусьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі плянуецца абмеркаваць магчымасьці павелічэньня колькасьці апэрацый і пашырэньня фінансаваньня ў Беларусі ў рамках новай рамачнай стратэгіі партнэрства Групы Сусьветнага банку на 2018-2022 гады. Акрамя таго, заплянаваны сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця для абмеркаваньня ходу рэалізацыі стратэгіі ЭБРР для Беларусі на 2016-2019 гады.
1 кастрычніка ў Менску прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Румас сустракаўся са старэйшым пастаянным прадстаўніком МВФ у рэгіёне Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Эўропы Надзімам Ілахі. Румас акцэнтаваў увагу на тым, што новы курс урада будзе накіраваны на павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі, умацаваньне інстытутаў рынку і прыватнай уласнасьці, правядзеньне ўзважанай макраэканамічнай палітыкі.
«Пытаньні структурных пераўтварэньняў таксама застануцца ў цэнтры ўвагі ўрада. Асноўныя сфэры рэфармаваньня ў поўнай меры суадносяцца з поглядамі МВФ, аднак прыхільнасьць умераным тэмпам рэформаў захоўваецца», – падкрэсьліў прэмʼер-міністар. Паводле яго слоў, намечаныя на лістапад гэтага году кансультацыі па артыкуле чацьвёртым статута МВФ стануць добрай магчымасьцю прадметна абмеркаваць пытаньні эканамічнай палітыкі ў Беларусі.
Беларусь прасіла ў МВФ крэдыт на 3 млрд даляраў, аднак летам мінулага году ўрад паведаміў, што перамовы прыпыненыя. Беларускія ўлады не пагадзіліся з патрабаваньнем фонду аб павышэньні тарыфаў на камунальныя паслугі для насельніцтва, выканаўшы ўсе астатнія рэкамэндацыі фонду.
«Пэрспэктыва (новай праграмы з МВФ) ёсьць. Да гэтага пытаньня трэба вярнуцца ў 2020 годзе», – паведаміў 30 верасьня агенцтву Рэйтэр міністар фінансаў Максім Ермаловіч.
belapan.by/нг