У Менску абмяркоўвалі як прымусіць улады змагацца з хатнім гвалтам
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
09.10.2018 08:54
5 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня трэба прымаць асобны супраць закон супраць хатняга гвалту.
Photo: pixabay.com
У галерэі «Ў» у Менску ўдзельнікі суполкі ў «Фэйсбуку» «Маршыруй, дзетка!» абмеркавалі, як яны будуць змагацца за закон аб процідзеяньні хатняму гвалту.
5 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што можна абысьціся зьменамі ў дзейныя законы, а не прымаць асобны супраць хатняга гвалту.
«Усё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду», — сказаў ён.
Падчас сустрэчы ў галерэі «Ў» прагучаў шэраг прапаноў, сярод іх асноўныя:
— дамагацца парлямэнцкіх слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў;
— правесьці санкцыянаваны марш;
— стварыць агульны рух «Беларусь бяз гвалту»;
— стварыць пэтыцыі, арганізаваць збор подпісаў;
— закідаць адміністрацыі лістамі і зваротамі, паказаць, што не зьмірыліся з рашэньнем прэзыдэнта;
— правесьці грамадзкі трыбунал з удзелам ахвяраў гвалту.
Нядаўна створаная суполка ў «Фэйсбуку» «Маршыруй, дзетка!» ўжо аб’яднала больш за 1700 чалавек.
Кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова сказала карэспандэнту Свабоды, што людзі пачынаюць аб'ядноўвацца і адкрыта заяўляюць аб праблеме хатняга гвалту.
Кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады гендэрнай палітыкі Ірына Альхоўка, якая ў складзе рабочай групы пры МУС працавала над канцэпцыяй закону аб процідзеяньні хатняму гвалту, сказала, што праблема выйшла за межы арганізацый, якія прафэсійна ёй займаюцца.
svaboda.org/яс