Місія МАГАТЭ па ацэнцы аварыйнай гатоўнасьці на АЭС пачынае працу ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
08.10.2018 15:48
Праект будаўніцтва станцыі выклікаў неадназначную рэакцыю ў краін-суседзяў Беларусі.
Фота pixabay.com.Photo:CC0 Public Domain/pixabay.com
Місія МАГАТЭ па ацэнцы аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня (EPREV) у панядзелак пачынае працу ў Беларусі.
Як раней паведамляў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» начальнік аддзела камунікацый і грамадзкай інфармацыі Дзяржатамнагляду Алег Собалеў, у рамках супрацоўніцтва з МАГАТЭ 8-20 кастрычніка ў Беларусі будзе працаваць місія EPREV па ацэнцы аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня».
Беларусь запрасіла шэраг ацэначных місій МАГАТЭ, накіраваных на комплексную ацэнку сыстэм бясьпекі БелАЭС. Акрамя EPREV, гэта місія па комплекснай ацэнцы інфраструктуры ядзернай энэргетыкі (INIR), па ўліку і кантролі ядзерных матэрыялаў (ISSAS) і па фізычнай абароне АЭС (IPPAS).
Акрамя таго, рэспубліка чакае візыту місіі МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы рэгуляцыйнай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі (IRRS).
АЭС побач з Астраўцом у Гарадзенскай вобласьці будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны.
Пуск першага энэргаблёка заплянаваны на лістапад 2019 года, другога – на 2020 год. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС зьяўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Расатама»).
Праект будаўніцтва станцыі выклікаў неадназначную рэакцыю ў краін-суседзяў Беларусі. Самым лютым праціўнікам праекта зьяўляецца Летува, якая лічыць станцыю небясьпечнай.
Інтэрфакс/ав