Для Марадоны клімат у Беларусі занадта жорсткі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.09.2018 16:21
Паводле адваката славутага футбаліста, цяпер Марадона будзе ганаровым прэзыдэнтам „Дынама”.
wsyperek/pixabay.com/CC0 Public Domain
Дыега Марадона лічыць клімат у Беларусі занадта жорсткім, таму не гатовы заставацца на сталай працы ў берасьцейскага „Дынама”. Так пракамэнтаваў рашэньне спэцыяліста аб супрацоўніцтве з мэксыканскім „Дародас” яго адвакат Маціяс Морла.
Паводле адваката, які даў інтэрвію аргентынскаму выданьню Popular, Дыега Марадона заключаў зь берасьцейскім „Дынама” папярэдні кантракт, і цяпер будзе ганаровым прэзыдэнтам. Сам жа славуты футбаліст і трэнэр хоча быць бліжэй да Аргентыны, дзе жывуць яго сёстры, а з Мэксыкі прасьцей езьдзіць на радзіму. Да таго ж Марадона хоча трэніраваць каманду ў болей канкурэнтаздольнай лізе.
Маціяс Морла таксама сказаў, што кіраўніцтва берасьцейскага клюба неўзабаве сустрэнецца з Марадонай, каб абмеркаваць сумесную працу. Прадстаўнік трэнэра кажа, што сувязь з Беларусьсю ня спыніцца й наадварот умацуецца.
TUT.by/euroradio.fm/аз