Logo Polskiego Radia
Print

Бізнэсовец зьвязаны з рэстаранам «Поедем поедим», напаў на абаронцаў Курапатаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 30.08.2018 08:28
Спачатку – на Ганну Шапуцьку, каб выбіць у яе фотаапарат, потым з усяго размаху ўдарыў па назе Дзяніса Урбановіча.
Рэстаран «Паедзем паядзім»Рэстаран «Паедзем паядзім»radyjo.net/Беларуская служба Польскага радыё/Эдуард Жолуд

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч адмаўляе, што мае дачыненьне да рэстарацыі, якая разьмешчаная побач з месцам сталінскіх расстрэлаў, але прыехаў у сераду вечарам туды і напаў на ўдзельнікаў пікету ў абарону Курапатаў, паведамляе Белсат.

«Людзі перагарадзілі яму шлях, і ён кінуўся ў бойку. Спачатку – на Ганну Шапуцьку, каб выбіць у яе фотаапарат, потым з усяго размаху ўдарыў па назе Дзяніса Урбановіча», – распавядае адна з удзельніц абароны Курапатаў, грамадзкая актывістка Натальля Басылыга.

Здарэньне адбылося пасьля папярэдняга разгляду ў судзе Савецкага раёну Менску пазову Аркадзя Ізраілевіча аб абразе гонару і годнасьці з-за публікацыяў у тыднёвіку «Новы час» артыкулаў, у якіх гаворка ішла пра тое, што ён мае дачыненьне да будаўніцтва рэстарана «Поедем поедим».

Ізраілевіч патрабуе ад журналіста Дзяніса Івашына кампэнсацыі Br 1000. Яшчэ Br 40 тыс. бізнэсовец патрабуе ад рэдакцыі «Новага часу». Гэтая сума перавышае гадавую выручку газэты амаль удвая ды ў выпадку станоўчага рашэньня суда можа азначаць ліквідацыю «Новага часу».

«Мне не зразумела, якім чынам тое, што ён можа быць датычны да гэтай рэстарацыі, можа ганьбіць яго рэпутацыю? Тым больш што ён сам не адзін раз пасьля гэтай публікацыі казаў пра тое, што гэта абсалютна законны рэстаран, што нічога ў гэтым ганебнага няма і гэтак далей», – кажа галоўная рэдактарка газэты Аксана Колб.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт