У Менску выдалі факсыміле першага «Буквара»
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
27.08.2018 18:00
Арыгіналы кніг захоўваюцца ў Лёндане і Капэнгагене.
Фота: Belta.by
Факсымільнае выданьне першага "Буквара" прэзэнтуюць 28 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Першай у сьвеце кнізе з назвай "Буквар", якую выдалі беларусы, сёлета спаўняецца 400 гадоў.
Кніга выйшла ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Сьвятога Духа ў Еўі (цяпер Вевіс у Літве).
Усяго захавалася два экзэмпляры кнігі.
Кніга выйшла на 52 лістах у кішэнным фармаце. У "Буквары" зьмешчаны славянскі альфабэт, прыклады складоў зь дзьвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічб (у кірылічнай традыцыі), а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытаньня, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.
Адна з кніг была вывезена брытанскім калекцыянэрам у Лёндан у пачатку XVII стагодзьдзя. Сёньня яна захоўваецца ў бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі. Другі экзэмпляр знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі. На радзіме не засталося ніводнага выданьня.
Belta.by/вк