Журналістам забаранілі выезд зь Беларусі
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
27.08.2018 16:00
Супрацоўнікам СМІ, якія праходзяць па «справе БелТА», забаранілі выяжджаць за граніцу Беларусі.
Фотакаляж: twitter.com/kazz_by
Журналістам партала Tut.by, інфармагенцтва БелаПАН і радыё Deutsche Welle, якія праходзяць падазраванымі па «справе БелТА», часова забаранілі выяжджаць за граніцу Беларусі.
Выезд забаранілі: Галіне Ўласік, Ганьне Калтыгінай, Тацьцяне Каравянковай, Паўлюку Быкоўскаму.
Тэрмін сканчэньня забароны невядомы, яго вызначаць сьледчыя. Раней гэтыя журналісты далі падпіску аб неразгалошваньні.
27 жніўня журналістаў, якія праходзяць па «справе БелТА», масава выклікалі ў Сьледчы камітэт.
Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэта прыйшлі зь ператрусамі ў офісы партала Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Падставай паслужыла паведамленьне дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
Svaboda.org/вк