Лукашэнка павіншаваў Асада й прапанаваў дапамогу ў аднаўленьні Сырыі
PR dla Zagranicy
Eduard Zholud
27.08.2018 08:16
«Менск і Дамаск падзяляюць погляд на неабходнасьць пабудовы шматпалярнага сьвету».
Аляксандр Лукашэнкафота: Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
Беларусь гатовая аказаць Сырыі «усебаковую» дапамогу ў аднаўленьні пасьля вайны. Пра гэта кіраўнік Беларусі напісаў у тэлеграме Башару Асаду з нагоды 25-годдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж краінамі.
«Менск і Дамаск падзяляюць погляд на неабходнасьць пабудовы шматпалярнага сьвету… У гады ліхалецьця Беларусь заўсёды была побач і імкнулася падтрымаць вашыя памкненьні ў барацьбе з гэтым злом [тэрарызмам], – гаворыцца ў тэлеграме Лукашэнкі. – Сёньня з задавальненьнем можна назіраць, што вайна заканчваецца перамогай Сырыйскай арабскай арміі, а грамадзтва, аб’яднанае пад вашым лідэрствам, вяртаецца да звычайнага жыцьця. Мы гатовыя аказаць усебаковую дапамогу Сырыі ў справе аднаўленьня краіны», – запэўніў Лукашэнка.
Башар Асад павіншаваў свайго беларускага калегу ў адказ і выказаў гатовасьць да далейшай супрацы.
Нагадаем, што Грамадзянская вайна ў Сырыі пачалася ўвесну 2011 году. Бакамі канфлікту былі ўрадавыя войскі, якія выступалі на баку Башара Асада, гэтак званая ўмераная апазыцыя, а таксама шэраг ісламісцкіх груповак (у тым ліку «Ісламская дзяржава»), члены якіх узялі пад кантроль частку тэрыторыі краіны.
belsat.eu/president.gov.by/эж