Лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
24.08.2018 12:26
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
foto: pixabay.com
Судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава прысудзіла лідэру прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і бухгальтару Ігару Комліку 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
Вырак прадугледжвае забарону займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў. Судзьдзя таксама пастанавіла спагнаць у падсудных больш за 47 тысяч рублеў у даход дзяржавы.
Прысутныя сустрэлі прысуд воклічамі «Ганьба!» — на судзе былі старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, праваабаронца Тацяна Равяка, юрыст Міхаіл Пастухоў, дзейны і былы старшыні АГП Васіль Палякоў і Анатоль Лябедзька, лідэр БНК Мікола Статкевіч, прадстаўнікі Эўразьвязу, амбасады ЗША, міжнароднага прафсаюзу IndistriALL і іншыя.
На выхадзе з суду АМАП затрымаў Леаніда Кулакова, Вольгу Мікалайчык, Маю Навумаву і яшчэ двух актывістаў, якія сустракалі Фядыніча і Комліка.
Суд у справе РЭП пачаўся 30 ліпеня. Фядыніча і Комліка абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў. Паводле абвінавачаньня, Фядыніч і Комлік усьведамлялі злачыннасьць сваіх дзеяньняў, і гэта было пацьверджана знойдзенымі падчас ператрусаў у офісе РЭП схованкамі.
Паводле svaboda.org/яс