Гомельскі праваабаронца дамагаецца павелічэньня залаў на рэзанансныя судовыя справы
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.08.2018 14:12
Прэтэнзіі Л.Судаленкі выклікала тое, што ён не змог трапіць на адкрытае судовае паседжаньне па справе лідараў прафсаюзу РЭП.
foto:flickr.pl
Намесьнік старшыні Менгарсуда Уладзімір Грыгаровіч адрэагаваў на скаргу гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. У сталічным судзе мяркуюць, што гэта здарылася праз тое, што Леанід Судаленка не зьяўляецца ўдзельнікам судовага працэсу.
Прэтэнзіі праваабаронцы выклікала тое, што ў першы дзень суда над лідарамі прафсаюзу РЭП ён не змог трапіць на адкрытае судовае паседжаньне.
«Любы жадаючы павінен мець магчымасьць прысутнічаць у адкрытым судовым паседжаньні. Таму я не разумею, чаму я і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек не змаглі трапіць у залу судовых паседжаньняў толькі таму, што яна на 50 асобаў. Я казаў аб тым, што мне вельмі прыкра было глядзець, як былы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч, дзядуля з кійком, сядзіць у калідоры, таму што ён не мог туды трапіць», – распавядае Belsat.eu праваабаронца.
Ён кажа, што ягоная скарга – першы крок «стратэгічнай цяжбы». Пасьля атрыманьня адказу Леанід Судаленка ўжо зьвярнуўся ў суд Савецкага раёну Менску на дзеяньні раённага судзьдзі. Далей будзе суд першай інстанцыі.
«Я прайду ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, і зьвярнуся ў індывідуальным парадку ў камітэт ААН па правах чалавека і запытаюся: ці галоснасьць вызначаецца памерам кабінэта судзьдзі?» – кажа праваабаронца.
Прысуд лідэрам Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку суд Савецкага раёну Менску абвесьціць 24 жніўня.
belsat.eu/яс