У Беларусі памалу ідуць да ўвядзеньня электроннай працоўнай кніжкі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
21.08.2018 13:23
Спачатку Улады вырашылі ўзмацніць кантроль за прадпрыемствамі, якія плацяць ніжэй мінімальнай зарплаты.
www.pixabay.com
Улады вырашылі ўзмацніць кантроль за прадпрыемствамі, якія плацяць працаўнікам ніжэй мінімальнай зарплаты (305 рублёў), і прысьпешыць арганізацыі з прадастаўленьнем дадзеных аб звольненых і прынятых. Гэтыя зьмены ўступяць у сілу з 1 студзеня 2019 года.
Працадаўцы павінны будуць прадастаўляць дадзеныя аб суме выплат (даходу), які ўлічваецца пры прызначэньні пэнсіі, і страхавых узносах (формы ПУ-3) штоквартальна, а не раз у год, як цяпер.
Нагадаем, у 2017 годзе вырас лік арганізацый, якія плацілі работнікам зарплату ніжэй мінімальнай (з 1 студзеня гэтага года гэта 305 рублёў). Такіх прадпрыемстваў у мінулым годзе было 163 (у 2016 г. – 105). Больш за ўсё такіх арганізацый у Віцебскай вобласьці. За гэтыя парушэньні штраф атрымалі 152 службовыя асобы на суму 9,5 тысячы рублёў.
Яшчэ адно зьмяненьне – прадпрыемствы павінны будуць больш апэратыўна падаваць дадзеныя аб звольненых і прынятых работніках (форма ПУ-2). Цяпер гэтыя дадзеныя трэба паведамляць адзін раз у квартал на працягу месяца, наступнага за справаздачным кварталам. Цяпер тэрмін скараціўся і форму будуць прадстаўляць да 10 чысла месяца, наступнага за справаздачным кварталам.
Гэтае зьмяненьне, як плянуецца, дасьць магчымасьць атрымаць апэратыўную інфармацыю пра беларусаў, занятых у эканоміцы, арганізаваць аўдыт вакансій (рэспубліканскі банк вакансій) з выкарыстаньнем сродкаў аўтаматызацыі, а таксама «стварыць аснову для пераходу да электроннай працоўнай кніжкі».
Пры абмеркаваньні адзначалася, што для работнікаў электронная кніжка дапаможа зьнізіць рызыку страты зьвестак аб працоўнай дзейнасьці – пасады, умовы працы, стаж, у тым ліку і страхавыя ўзносы. Акрамя таго, работнікі змогуць апэратыўна атрымліваць інфармацыю аб сваім афіцыйным працаўладкаваньні. Электронная працоўная кніжка таксама дапаможа абараніцца ад нядобрасумленных працадаўцаў, якія зацягваюць выдачу працоўнай кніжкі пры звальненьні.
TUT BY MEDIA/яс