Logo Polskiego Radia
Print

Улады прадэманстравалі свае бачаньне грамадзянскай супольнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.08.2018 12:11
Гэта вэтэраны, прафсаюзы, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і саюз жанчын.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: jackmac34/pixabay.com/CC0 Public Domain

Па даручэньні Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава сустрэлася з прадстаўнікамі вядучых грамадзкіх аб'яднаньняў нашай краіны, якія зьяўляюцца асновай яе грамадзянскай супольнасьці, напісала прэзыдэнцкае выданьне sb.by

Падчас сустрэчы ў Адміністрацыі прэзыдэнта чыноўніца казала, што задача грамадзкіх арганізацый выкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы. Невыкананьне недапушчальна. Недапушчальна, паколькі ўсе даручэньні прэзыдэнта накіраваны на карысьць народу, краіне. Апошнім даручэньнем стала абмеркаваньне грамадзкімі арганізацыямі новых кадравых прапаноў уладаў. Чыноўніца назвала гэта прыцягненьнем да рэалізацыі кадравай палітыкі ў Беларусі ўсяе грамадзянскай супольнасьці.

У сярэдзіне ліпеня кіраўнік Беларусі выказаўся наконт таго, як разумее гэтае паняцьце: «Мы дакладна вызначылі, што такое грамадзянская супольнасьць у Беларусі: гэта не тры апазыцыянэра, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасьць – гэта грамадзяне, у нашай краіне ў сваёй большасьці – гэта і вэтэраны, моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы – БРСМ, прафсаюзы і жаночая арганізацыя».

Паводле СБ/Наша Ніва/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт