Стала вядомая некаторая інфармацыя пра арыштаванага ва Ўкраіне беларуса з «ДНР»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.08.2018 16:42
Грамадзянін Беларусі, затрыманы 10 жніўня і абвінавачаны ў стварэньні тэрарыстычных арганізацый.
pixabay.com/CC0 Creative Commons
Грамадзянін Беларусі, затрыманы 10 жніўня спэцслужбамі Ўкраіны на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці і абвінавачаны ў стварэньні тэрарыстычных арганізацый, зьмешчаны ў сьледчы ізалятар Марыюпалю. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
Адвакат назваў Свабодзе верагоднае прозьвішча затрыманага — Новікаў.
Вядома, што затрыманы беларус нарадзіўся ў Віцебску, раней ужо быў асуджаны ў Беларусі, мае дзіця 2009 году нараджэньня.
На судовым працэсе, калі абіралася мера стрыманьня, ён прызнаў сваю віну і не аспрэчваў неабходнасьці арышту. Арыштаваць яго патрабавалі сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны.
Адвакат затрыманага беларуса Аляксандар Гарэлаў сказаў Свабодзе, што ягоны падабаронны «добраахвотна прыбыў у органы СБУ і супрацоўнічае са сьледзтвам».
Аднак у афіцыйным паведамленьні пракуратуры адзначаецца, што беларус «быў выкрыты супрацоўнікамі СБУ і пракуратуры», калі 10 жніўня прыбыў на тэрыторыю Ўкраіны «для працягу сваёй супрацьпраўнай дзейнасьці».
Сьледчыя абгрунтоўвалі падазрэньні адносна беларуса ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства пратаколам яго допыту і агляду, а таксама «матэрыяламі, сабранымі апэратыўнымі падразьдзяленьнямі згодна з часткай 2 артыкула 99 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны».
Паводле папярэдняй інфармацыі Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, грамадзянін Беларусі трапіў у шэрагі «ДНР» у лістападзе 2014 году. У званьні старшага сяржанта ён служыў у 1-м асобным танкавым батальёне «Самалі» на пасадзе камандзіра танка, за што атрымліваў штомесяц грашовае ўзнагароджаньне. У 2015 годзе беларус таксама браў актыўны ўдзел у захопе Данецкага аэрапорту. У тым жа годзе пакінуў службу, аднак у 2017 годзе вярнуўся ў Данецк і быў залічаны ў адну з вайсковых частак так званай «ДНР».
svaboda.org/by