Дзевяць беларусаў пацярпелі ў выніку ДТЗ ва Ўкраіне
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.06.2018 15:33
Адна жанчына загінула, восем чалавек атрымалі траўмы рознай цяжкасьці.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
МЗС пацьвердзіла паведамленьні ўкраінскіх СМІ пра гібель грамадзянкі Беларусі і атрыманьне траўм васьмю суайчыньнікамі ў ДТЗ у Львоўскай вобласьці.
«У ДТЗ 23 чэрвеня на тэрыторыі Львоўскай вобласьці Украіны пацярпелі 9 грамадзян Беларусі, адна з якіх памерла ў бальніцы. Астатнія ўжо ў сьвядомасьці, у рознай ступені цяжкасьці – у лячэбных установах вобласьці», – адзначыла ведамства на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Твітэр».
Беларускае пасольства ва Украіне высьветліла асобы пацярпелых.
Паводле інфармацыі аддзела камунікацыі паліцыі Львоўскай вобласьці, ДТЗ адбылося каля поўдня 23 чэрвеня на дарозе Ковель – Жолква непадалёк ад вёскі Вялікія Масты Сакальскага раёна. Вадзіцель аўтамабіля «Шкода-Актавія», 59-гадовы жыхар райцэнтра Пустамыты, верагодна, заснуў за рулём, у выніку чаго машына выехала на сустрэчную паласу. Вадзіцелі «Таёты» і «Міцубісі», якія рухаліся насустрач, своечасова адрэагавалі на сытуацыю і зьехалі ў кювэт. Аднак «Шкода» сутыкнулася з мікрааўтобусам «Фольксваген-ЛТ», якім кіраваў 35-гадовы жыхар Валынскай вобласьці і дзе ехала дзевяць беларускіх грамадзян.
Вадзіцель «Шкоды» шпіталізаваны, кіроўца мікрааўтобуса ад мэддапамогі адмовіўся.
Вырашаецца пытаньне аб адкрыцьці крымінальнай вытворчасьці па ч. 2 арт. 286 КК Украіны (парушэньне правілаў бясьпекі дарожнага руху). Максымальнае пакараньне – пазбаўленьне волі на тэрмін да васьмі гадоў з пазбаўленьнем права кіраваньня транспартнымі сродкамі на тэрмін да трох гадоў.
БелаПАН/нг