ЭБРР гатовы прафінансаваць рэканструкцыю 22 аварыйных мастоў у Беларусі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
08.06.2018 11:11
„Мы абіраем толькі тыя праекты, якія рэальна палепшаць жыцьцё людзей”, — казаў Алан Пію.
Фота: pixabay.com/CC0 Public Domain
Віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця (ЭБРР) Алан Пію паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Беларусь, што банк будзе нарошчваць інвэстыцыі найперш у інфраструктуру краіны.
Паводле банкіра, ЭБРР падпісаў з урадам Беларусі дамову аб фінансаваньні пабудовы заводу цьвёрдых адкідаў у Пухавіцкім раёне.
„Гэта будзе першы завод па перапрацоўцы адкідаў, збудаваны па найсучасьнейшых тэхналёгіях”, — запэўніў ён. ЭБРР выдзяляе на праект 5 мільёнаў эўра.
Алан Пію нагадаў нядаўні ўдзел банку ў фінансаваньні будоўлі другой менскай кальцавой аўтадарогі, сказаў, што „ганарыцца ранейшым удзелам” у рэканструкцыі аўтадарогі Берасьце — Масква, і акрэсьліў новыя праекты.
„У тым ліку мы гатовыя ўдзельнічаць у рэканструкцыі 22 беларускіх мастоў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане”, - дадаў прадстаўнік ЭБРР.
Таксама, паводле яго, банк гатовы дапамагчы Беларусі рэканструяваць участак аўтадарогі М10 Гомля — Берасьце.
Алан Пію паведаміў, што банк актыўна супрацоўнічае зь менскімі ўладамі ў справе двух важных праектаў: па забесьпячэньні вадой і па рамонце жылых памяшканьняў.
„Мы абіраем толькі тыя праекты, якія рэальна палепшаць жыцьцё людзей”, — казаў Алан Пію.
Раней ЭБРР агалошваў свае пляны аб намеры ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў і банкаў.
Працягваецца ўдзел ЭБРР у праграме прыватызацыі бровару „Крыніца”, тэкстыльнай фабрыкі „Блакіт” ды іншых беларускіх прадпрыемстваў, заплянаваных на продаж.
Банк бярэ ўдзел ва ўдасканаленьні карпаратыўнага кіраўніцтва „Белаўтадору”.
svaboda.org/аз