Logo Polskiego Radia
Print

Сямашка: Павышэньне цэн на паліва непазьбежнае

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.05.2018 11:34
„Па капейкам мы ўжо павышэньне скончылі”, — сказаў віцэ-прэм'ер Беларусі.
pixabay.com/Public Domain CC0


Ва ўрадзе пакуль не вызначыліся з далейшай тактыкай зьмены цэн на аўтамабільнае паліва, аднак іх павышэньне найбліжэйшым часам непазьбежнае, заявіў, адказваючы на пытаньне агенцтва БелаПАН, намесьнік прэм'ер-міністра Ўладзімір Сямашка 29 траўня на адкрыцьці Беларускага прамысловага форуму.

„Па капейкам мы ўжо павышэньне скончылі, — сказаў віцэ-прэм'ер. — Для даведкі скажу, што за апошнія паўтара месяца нафта падаражэла на 30%: было 60 даляраў за барэль, а цяпер ужо 80. Што нам рабіць? У абодвух НПЗ інвэстыцыйная праграма — на 1,7 млрд даляраў на Мазырскім НПЗ і 1,6 млрд даляраў — на „Нафтане”. Іх жа трэба „адбіваць”, абслугоўваць крэдыты, і гэта трэба рабіць за кошт прыбытку заводаў”.

„Таму павышэньне (цэн на паліва. — БелаПАН.). Іншая справа — яго тактыка. Ёсьць розныя меркаваньні на гэты конт. Пакуль канчатковага рашэньня няма”, — сказаў намесьнік прэм'ер-міністра.

У 2018 годзе бэнзін даражэў дзевяць разоў: 8 лютага — на 2 капейкі, 10, 15, 24, 30 сакавіка, 4, 14 красавіка, 12 і 15 траўня — на капейку. Дызпаліва даражэла восем разоў (у лютым—сакавіку й траўні сынхронна з бэнзінам) і таньнела — двойчы (14 і 27 красавіка — абодва разы на капейку).

Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне паведаміла, што на працягу некалькіх месяцаў плянуецца павысіць беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да ўзроўню цэн на памежных запраўках у Расеі. Меркавалася, што гэты этап павышэньня ўнутраных цэн на паліва будзе доўжыцца да траўня, аднак цэны на бэнзін у Расеі працягваюць імкліва расьці.

Як адзначалі спэцыялісты, рашэньне аб паэтапным павышэньні цэн на паліва абумоўленае стратнай дзейнасьцю нафтаперапрацоўчых заводаў. У пачатку 2018 году страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбыткі ад экспарту.

У 2017 годзе цана паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасьля 13 студзеня 2015 году) не мянялася.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт