У Беларускай праваслаўнай царкве скралі 1,2 млн бел. руб.
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
26.05.2018 11:17
Будуць судзіць былога кіраўніка Выдавецтва Беларускага Экхзархату.
Фота мае ілюстратыўны характарФота: Дзьмітрый Ласько
Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да былога першага намесьніка дырэктара Выдавецтва Беларускага Экзархату 57-гадовага Ўладзімера Грозава.
Справу будзе разглядаць суд Партызанскага раёну Менску. Сьледзтва высьветліла, што за чатыры гады (1 верасьня 2010 -- 17 кастрычніка 2014 г.) У. Грозаў завалодаў 1,2 млн рублёў, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча.
Абвінавачваны, дзейнічаючы па папярэдняй змове зь нявызначанымі асобамі, пры ўвозе на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына транспартных сродкаў і іншых тавараў у адрас Выдавецтва Беларускага Экзархату і ТАА «Бацькі і настаўнікі -- за адраджэньне праваслаўнай адукацыі» ўхіліўся ад выплаты 212,6 тыс. бел. руб. мытных плацяжоў.
Яшчэ ў лютым 2012 году Ў. Грозаў незаконна ўнёс сядзібна-паркавы комплекс другой паловы XVIII ст. у в. Сёмкава Менскага раёну ў статутны фонд ТАА "СЕО", камэрцыйнай арганізацыі, у якой быў асноўным заснавальнікам і фактычным кіраўніком. Да ТАА «СЕО» перайшло права пастаяннага карыстаньня зямельнымі ўчасткамі плошчай 37,8408 га, на якіх разьмяшчаўся сядзібна-паркавы комплекс. Сума нанесенай дзяржаве шкоды склала 3,8 млн бел. руб.
Дзеяньні Ў. Грозава кваліфікаваны паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь як крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, ухіленьне ад выплаты мытных плацяжоў, перавышэньне службовых паўнамоцтваў.
Ужытая раней да абвінавачанага мера стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту пакінута бязь зьмен.
Prokuratura.gov.by/вк