Жыхарка Менску пратэставала на пр. Незалежнасьці супраць ксэнафобіі
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
24.05.2018 17:01
Віка Біран лічыць, што "захаваньне правоў чалавека" ў Беларусі — "гэта падробка".
Менск, 24 траўня 2018 г. Пл. Незалежнасьці. Акцыя Вікі Біран ля Дому Ўраду Рэспублікі Беларусь
Фота: facebook.com/vika.biran
Жыхарка Менску Віка Біран сёньня прыйшла да будынкаў дзяржаўных устаноў, каб выказаць пратэст у сувязі зь нядаўняй заявай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, накіраванай на адрас геяў, лесьбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў.
МУС выказалася адмоўна пра вывешваньне 17 траўня сьцягу ЛГБТ на будынку пасольства Вялікабрытаніі ў Менску. Міністэрства назвала людзей зь негетэрасэксуальнай арыентацыяй “падробкай”.
17 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. На думку МУС, “ЛГБТ-супольнасьць і ўся гэтая барацьба за "свае правы", і сам дзень супольнасьці — усяго толькі падробка!”
Скончыла ведамства свой камэнтар словамі: “Мы — за сапраўднае, яны ня пройдуць!”
Аднак Віцы Біран удалося прайсьці па менскім праспэкце Незалежнасьці з плякатам з надпісам“Сами вы подделка!” ("Самі вы падробка!").
Актывістка сфатаграфавалася з плякатам ля будынкаў МУС, КДБ і Дому Ўраду. Фотаздымкі акцыі дзяўчына апублікавала на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Адлюстраваньне акцыі Вікі Біран 24 траўня 2018 г. у Менску на пр. Незалежнасьці на яе старонцы ў фэйсбуку
В. Біран адказала на заяву МУС сваімі словамі: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашы мэты ўстойлівага разьвіцьця, ваша членства ў ААН, ваша захаваньне правоў чалавека — гэта падробка».
В. Біран зьяўляецца членам групы Makeout, якая аб’ядноўвае людзей, якія змагаюцца з дыскрымінацыяй па сэксуальнай і гендарнай прыкмеце.
Naviny.by/вк
Фота: facebook.com/vika.biran