Помнік Давыду Гарадзенскаму ўсталявалі ў Горадні
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
24.05.2018 12:56
Скульптурная кампазыцыя зьявілася сёньня на вуліцы імя палкаводца.
Памятная манэта Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь "Давыд Гарадзенскі".
Дата выпуску ў абарачэньне: 19 сьнежня 2008 г. Дызайн: С. Заскевіч. Чаканка: ЗАТ "Літоўскі манэтны двор", ВільняФота: www.nbrb.by
Конная статуя зьявілася напярэдадні XII Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур, які па традыцыі праводзіцца ў Горадні. Урачыстае адкрыцьцё манумэнту адбудзецца 1 чэрвеня.
Помнік прывезьлі ў Горадню яшчэ зімой. Ён разьмешчаны на скрыжаваньні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага, побач з Новым замкам. Гэта конная скульптура. Давыд трымае меч, за сьпінай у яго шчыт з крыжам.
Помнік адлюстроўвае знакамітага гістарычнага дзеяча, палкаводца, зяця (паводле адной з вэрсій) вялікага князя літоўскага Гедыміна.
Пра Давыда вядома з 1314 году, калі той абараняў Навагарадак ад немцаў. Потым хадзіў з паходамі ў Прусію, дапамагаў жыхарам Пскова і Мазавецкага княства бараніцца ад немцаў.
Падчас паходу ў 1326 годзе на немцаў разам з польскім каралём Уладыславам Лакеткам Давыд Ліцьвін, як ён быў названы ў гістарычнай кроніцы, быў забіты здраднікам — падкупленым немцамі польскім рыцарам.
Першы памятны знак Давыду — валун — быў устаноўлены ў Горадні яшчэ ў 1990-я гады, ля Барысаглебскай царквы на Каложы.
Новы манумэнт, які зьявіўся сёньня, выкананы менскім скульптарам Сяргеем Аганавым. Для вырабу чатырохмэтровага помніка выкарыстаны шэры граніт з Мансураўскага радовішча ў Башкартастане (Расея).
Newgrodno.by/вк