Logo Polskiego Radia
Print

Японскі мастак паляцеў з Беларусі дадому

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.05.2018 14:25
Суд Кастрычніцкага раёна Менска прысудзіў яго да 4,5 гадоў калёніі за перавоз вінтоўкі.
 Даічы Яшыда з маці Ёка Даічы Яшыда з маці Ёкаscreen https://naviny.by

Японскі мастак Даічы Яшыда пасьля амаль двух гадоў зьняволеньня 24 траўня вылецеў дадому ў Японію разам са сваёй маці і братам, – паведамляе сайт Naviny.by.

«У першую чаргу мы яго адмыем пасьля гэтай калёніі», – сказала маці Ёка Яшыда па дарозе ў аэрапорт.

Японец быў затрыманы летам 2016 г.

Беларускія праваахоўныя органы абвінавацілі Даічы ў незаконнай перавозцы і перамяшчэньні празь дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі – гэта былі складовыя часткі вінтоўкі Мосіна 1945 году, якія мастак купіў у антыкварнай краме ў Кіеве, каб выкарыстоўваць для прамалёўкі ў сваіх коміксах. Даічы вяртаўся з Украіны дадому транзытам праз Менск.

Суд Кастрычніцкага раёна Менска прысудзіў яго да 4,5 гадоў калёніі. Менгарсуд, а затым і Вярхоўны суд пакінулі прысуд у сіле. Але пасьля таго як аб японскім мастаку пачалі актыўна пісаць СМІ, а бацькі Даічы зьвярнуліся да беларускага прэзыдэнта Вярхоўны суд перагледзеў справу і зьмяніў прысуд, скараціўшы тэрмін пакараньня да 1,9 года калёніі.

«Мы не паверылі, калі даведаліся пра гэта, – кажа маці Ёка Яшыда. – Першае паведамленьне было неафіцыйным. І мы ня верылі, пакуль не атрымалі афіцыйнае пацьверджаньне. Усе сябры казалі, што такога ня можа быць«.

За час зьняволеньня свайго сына Ёка Яшыда дзесяць разоў прылятала ў Менск. Яна лічыць, што ў вызваленьні сына значную ролю адыгралі два лісты Аляксандру Лукашэнку.

«Адказу прэзыдэнта на лісты не было. Але неўзабаве пасьля першага звароту мы атрымалі адказ з пракуратуры, што наш ліст перададзены ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Пасьля доўгага спатканьня з сынам я адправіла ў адрас прэзыдэнта яшчэ адзін ліст. Адказу таксама не было, але, думаю, што гэта паўплывала на вызваленьне Даічы », – кажа Ёка Яшыда.

Даічы правёў у беларускай няволі амаль два гады, ён вучыў рускую мову, каб мець зносіны з іншымі вязьнямі, і афармляў турэмную насьценгазэту.

Сям'я Яшыда дзякуе за падтрымку ўсіх, хто пісаў Даічы лісты і не заставаўся абыякавым да ягонага лёсу.

naviny.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт