Сямашка: Плянуем дамовіцца з Расеяй аб цане на газ да 1 ліпеня 2019 году
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.05.2018 15:07
Беларусь настойвае, каб кошт на газ быў максымальна набліжаны да кошту блакітнага паліва, устаноўленага ў Смаленскай вобласьці.
pixabay.com/Public Domain CC0
Дамоўленасьць аб формуле цаны на расейскі газ павінная быць дасягнутая да 1 ліпеня 2019 году, заявіў у панядзелак, 14 траўня, беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на форуме «Атамэкспа», які праходзіць у Сочы.
Намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі адзначыў, што цяпер яны чакаюць афіцыйнай абʼявы складу ўраду Расейскай Федэрацыі. Калі стане зразумела, з кім беларускі бок будзе працаваць, перамовы аб пастаўках газу зноў адновяцца. Паводле Сямашкі, бакі павінныя да 1 ліпеня 2019 году вызначыць формулу цэнаўтварэньня.
Таксама беларускі чыноўнік нагадаў, што Беларусь зацікаўленая ў тым, каб кошт на газ быў прывязаны да расейскага. На сёньняшні дзень газ пастаўляецца ў рэспубліку па формуле з улікам цаны для Ямала-Нянецкай акругі Расеі. Уладзімір Сямашка лічыць, што гэтую формула варта аптымізаваць.
Раней у беларускім урадзе разьлічвалі, што перамовы з Расеяй аб кошце газу адновяцца ў канцы сакавіка 2018 года, але тэрміны прыйшлося адсунуць. Беларусь настойвае, каб кошт на газ быў максымальна набліжаны да кошту блакітнага паліва, устаноўленага ў Смаленскай вобласьці.
тэлеграф/вс