Logo Polskiego Radia
Print

Прыватны бізнэс не пагаджаецца на дзяржпадтрымку неэфэктыўных прадпрыемстваў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.05.2018 16:10
80% рэспандэнтаў не пагадзіліся з меркаваньнем, што «неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы павінны субсідавацца дзяржавай».
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадстаўнікі прыватнага бізнэсу не падтрымліваюць практыкі аказаньня дзяржаўнай дапамогі стратным прадпрыемствам. Гэта вынікае з апытаньня прадстаўнікоў малых і сярэдніх арганізацый, якое ў сакавіку–красавіку праведзенае на замову Дасьледчага цэнтра ІПМ.

Апытаньне правяла кампанія MIA Research. У ім узялі ўдзел 409 прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасьці – дырэктары, уласьнікі і вядучыя спэцыялісты.

Амаль 80% рэспандэнтаў не пагадзіліся з меркаваньнем, што «стратныя і неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы павінны субсідавацца дзяржавай». Прадстаўнікі прыватнага бізнэсу прытрымліваюцца іншага меркаваньня: «жыцьцяздольнасьць прадпрыемства павінна вызначацца здольнасьцю вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю».

Пры гэтым амаль 65% удзельнікаў апытаньня назвалі «вялікую колькасьць стратных прадпрыемстваў» адной з найбольш актуальных праблем Беларусі.

Тэма дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў узьнімалася 3 траўня на нарадзе па эканамічных пытаньнях з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Зьвяртаючыся да ўрада, ён раскрытыкаваў існую практыку дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў. «Мы не бачым абяцанага эфэкту ў поўным аб'ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Нам патрэбныя прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннага падсілкоўваньня з дзяржбюджэту», – падкрэсьліў Лукашэнка.

Пасьля нарады прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў, што падчас абмеркаваньня прапаноўвалася наогул адмовіцца ад аказаньня дзяржпадтрымкі прадпрыемствам. «Было прапанавана ўраду (і гэта павінны пачуць кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, галін) наогул лепш такія прапановы не ўносіць. А калі ўносіць – то за кожную коску і кожную лічбу будзе жорсткая адказнасьць», – сказаў Кабякоў. Ён дадаў, што за неэфэктыўнае выкарыстаньне сродкаў дзяржпадтрымкі дырэктары заводаў будуць пазбаўляцца пасады/

belapan.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт