Анісім папракнула ЭЗ нізкай цікавасьцю да Беларусі й высокімі коштамі на візы
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
26.04.2018 14:09
«І сто гадоў таму, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, Беларусь была не ў прыярытэце ў эўрапейскіх краін».
Алена Анісімфота: ТБМ
Яшчэ з часоў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі Беларусь знаходзіцца «не ў прыярытэце» ў эўрапейскіх краін. Сёньня вынік такога стаўленьня да Беларусі бачны па коштах на шэнгенскія візы для беларусаў. З такімі словамі да дэпутатаў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы зьвярнулася старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
«І сто гадоў таму, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, Беларусь была не ў прыярытэце ў эўрапейскіх краін. Нягледзячы на ўсе высілкі нашай тагачаснай эліты, воля беларускага народу жыць у незалежнай дзяржаве, БНР не была да канца прызнаная эўрапейскімі краінамі. У адрозьненьні ад нашых суседзяў ― Летувы, Латвіі, Польшчы. У выніку розных перадзелаў у міжваенны й пасьляваенны пэрыяд беларусы згубілі значную частку сваіх этнічных тэрыторый, якія цяпер знаходзяцца ў складзе розных эўрапейскіх краін і дзе пражывае вялікая колькасьць беларусаў.
Сёньня мы канстатуем: напэўна гэта вынік непрыярытэтнага значэньня Беларусі для Эўропы, што толькі для беларускіх грамадзян існуе высокі кошт на візы, які можа стаць яшчэ большым. А між тым, Беларусь і беларусы маюць працяглае культурнае ўзаемадзеяньне з Эўропай», ― заявіла ў Страсбургу Алена Анісім.
Беларусь не павінна выпадаць з поля зроку Эўразьвязу, упэўненая Алена Анісім. І заклікала калег да таго, каб «візавае пытаньне стала аб’ектам увагі Рады Эўропы».
эўрарадыё/вс