21 красавіка ў Менску адбыўся Сойм Партыі БНФ, на якім была прынятая заява супраць Дэкрэту №1, які прадугледжвае прыняцьцё дадатковых захадаў па перасьледзе "не занятых у эканоміцы грамадзянаў".
У заяве нагадваецца, што 25 студзеня 2018 года Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №1, пазьней урадам былі прынятыя палажэньні ў развіцьцё дадзенага акту. Згодна з гэтым дэкрэтам, сумнавядомы Дэкрэт №3, што ўводзіў збор, празваны ў народзе “падаткам з дармаедаў”, быў пераназваны ў дэкрэт “Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва”. Такім чынам улады прызналі хібнасьць сваёй ранейшай палітыкі і адмянілі адзін са сваіх самых адыёзных заканадаўчых актаў, які ў 2017 годзе выклікаў сур’ёзнае абурэньне беларусаў і масавыя пратэсты.
Аднак са зьместу новай рэдакцыі дэкрэту вынікае, што кіраўнік Беларусі ня здольны да прызнаньня сваіх асабістых памылак: канцэптуальна ў новым дакумэнце валюнтарысцкім чынам увасобленая ранейшая ідэя прымусовай працы грамадзянаў, якая відавочна супярэчыць замацаванаму ў канстытуцыі і міжнародных дакумэнтах прынцыпу права на працу і забароны прымусовай працы.
Больш за тое, адмяніўшы адыёзны “падатак з дармаедаў”, улады захоўваюць і ўзмацняюць адміністратыўны і бюракратычны складнік ў сваёй сацыяльнай палітыцы. Укараненьне адмысловых камісіяў, якія будуць “выклікаць на дыван” грамадзянаў Беларусі, патрабуючы ад іх даказаць іх занятасьць у эканоміцы, ў пэрспэктыве можа выклікаць ня меншы сацыяльны выбух, чым і папярэдні Дэкрэт №3. Відавочна, што гэтыя камісіі будуць акумуляваць нянавісьць насельніцтва да чыноўнікаў, якія праз гэты дэкрэт толькі даюць сабе новы занятак, што ня мае стваральнага зьместу і не нясе аніякай карысьці грамадзтву і Беларусі.
Праявы крыптасацыялістычнага падыходу цяперашніх уладаў да сацыяльна-эканамічных працэсаў вядомыя: прымус да працы замест стварэньня спрыяльных ўмоваў для бізнэсу і інвэстыцыяў, якія прадукуюць працоўныя месцы. Аантыканстытуцыйнае замацаваньне дыскрымінацыі “не занятых у эканоміцы” пры аплаце жыльлёва-камунальных ды іншых паслугаў замест адэкватных і празрыстых рынкавых мэханізмаў цэнаўтварэньня; новыя і новыя паборы з грамадзянаў, што насамрэч толькі спрыяе “ценявой эканоміцы” замест сучаснай і эфэктыўнай падаткавай сыстэмы; стварэнне працоўных месцаў толькі для бюракратаў замест рацыянальнай і эканамічна абгрунтаванай палітыкі на рынку працы.
Беларусы на прыкладзе ранейшай гіпэрінфляцыі і рэгулярных дэвальвацыяў ўжо цудоўна ведаюць, да чаго прывёў валюнтарызм у крэдытна-фінансавай палітыцы. Уладам настаў час зразумець простую ісьціну: эканамічныя законы не падпарадкоўваюцца указам і дэкрэтам прэзыдэнта, іх нельга адмяніць, колькі дэкрэтаў і ўказаў не падпісвай.
Партыя БНФ заяўляе, што за валюнтарысцкі зьмест Дэкрэту №1 пэрсанальную адказнасьць нясе асабіста Аляксандар Лукашэнка, на ім жа палягае адказнасьць за наступствы гэтага акту ў той жа ступені, як і за наступствы яго ранейшага Дэкрэту №3. Партыя БНФ канстатуе, што беларускія ўрадоўцы цяпер робяцца закладнікамі прэзыдэнцкіх фантазій адносна эканомікі, якія ня маюць нічога агульнага з сапраўдным станам народнай гаспадаркі і рынку працы. Вартыя жалю спробы дзяржслужбоўцаў разумным чынам абгрунтаваць падыходы ў эканамічнай палітыцы, якія не адпавядаюць сучаснасьці і хутчэй заснаваныя на ідэях бальшавікоў і трацкістаў.
Толькі свабода асобы і прадпрымальніцтва, рынкавая эканоміка, незалежнасьць судоў і гарантыі права ўласнасьці, а таксама рэалізацыя іншых палажэньняў праграмы Партыі БНФ прывядуць Беларусь да дабрабыту і ўстойлівага развіцьця ў адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу.
Партыя БНФ патрабуе неадкладнага скасаваньня Дэкрэтy №1 ад 25 студзеня 2018 года і Дэкрэтy №3 ад 2 красавіка 2015 года.
Партыя БНФ