Logo Polskiego Radia
Print

Дрэннае надвор'е пашкодзіла 15 населеных пунктаў у Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.04.2018 10:45
Пашкоджаныя дахі, легкавыя аўтамабілі, ёсьць перабоі з электрычнасьцю. Пацярпелых няма.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакphoto: JAROSŁAW RAMUCKI/lasy.gov.pl

У Беларусі празь непагадзь пацярпелі 15 населеных пунктаў, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве надзвычайных спраў Беларусі (МНС).

«Паводле апэратыўных дадзеных, праз моцныя парывы ветру (да 27 м/с) у трох раёнах Магілёўскай вобласьці, у трох раёнах Менскай вобласьці, у адным раёне Віцебскай вобласьці пацярпелі 15 населеных пунктаў», — паведамілі ў МНС.

Пашкоджаныя дахі 3 жылых дамоў, 2 аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэньня і 24 сельскагаспадарчых будынкаў.

Зафіксавана 34 выпадкі небясьпечнага падзеньня дрэў у Магілёўскай (20 выпадкаў), Менскай (8 выпадкаў) абласьцях і ў Менску (6 выпадкаў). Пашкоджаныя тры легкавыя аўтамабілі. Пацярпелых няма.

Работнікі МНС і іншых арганізацый цяпер расьпілоўваюць і прыбіраюць паваленыя дрэвы. Вядуцца аднаўленчыя работы.

Паводле дадзеных ДВА «Белэнэрга» на працягу сутак на тэрыторыі Беларусі былі пэрыядычныя перабоі з электрычнасьцю ў 996 населеных пунктах.

Паводле стану на 6-ую раніцы 22 красавіка без электразабесьпячэньня заставаліся 6 населеных пунктаў і 9 трансфарматарных падстанцый у Магілёўскай, Менскай і Віцебскай абласьцях.

БЕЛТА/Радыё Свабода/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт