У Горадні забаронены канцэрт сьпевака, які выступае за "рускі сьвет"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.03.2018 14:02
Аляксей Нежавец актыўна выступаў на Данбасе перад стварэньнем ЛНР і ДНР.
photo: www.racja.com
У Горадні забаранілі канцэрт музыканта, які выступае ў падтрымку ДНР і ЛНР. У гарадзенскім Драматычным тэатры зьбіраўся выступіць сьпявак Аляксей Нежавец. Ён вядомы як актыўны прапагандыст «рускага сьвету», які актыўна выступаў на Данбасе перад стварэньнем так званых «Данецкай» і «Луганскай народных рэспублік».
Ягоны канцэрт, заплянаваны на 28 сакавіка, быў адменены. Дзякуючы пазыцыі рэдактара беларускай службы сайта informnapalm.org Дзяніса Івашына было надрукавана расьсьледаваньне пра асобу гэтага барда і канцэрт быў адменены. “Гэтая інфармацыя была разасланая ва ўсе органы дзяржаўнага кіраваньня па ідэалёгіі, культуры і справах моладзі, у Гарадзенскія аблвыканкам і гарвыканкам, непасрэдна сувязь падтрымлівалася і з Гарадзенскім драмтэатрам. Зразумела, што непасрэдна ў расьсьледаваньні была пададзена інфармацыя, каб людзі праяўлялі сваю грамадзянскую пазыцыю і зьвярталіся ва ўсе вышэй пералічаныя органы. І я лічу, што менавіта вось гэтая цьвёрдая грамадзянская пазыцыя спрычынілася да скасаваньня канцэрта”, - адзначае Івашын.
Дзяніс Івашын зьбіраецца надалей сачыць за выступамі Аляксея Нежаўца па гарадах Беларусі. Яго дзейнасьць як журналіста будзе і далей распаўсюджвацца на тое, каб прыпыніць у Беларусі дзейнасьць падобных трубадураў «рускага сьвету».
racyja.com/нг