Logo Polskiego Radia
Print

Падрыхтаваныя дакумэнты на 5 беларусаў за наёмніцтва на Данбасе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.03.2018 15:24
Грамадзянам, якія прымаюць удзел у баях за мяжой краіны, пагражае крымінальная адказнасьць.
Youtube.com

Беларуская міліцыя сабрала дакумэнты па пяці справах на беларусаў, якія ваююць на Данбасе і маюць намер бліжэйшым часам вярнуцца на радзіму. Тут ім пагражае крымінальная адказнасьць за наёмніцтва. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС палкоўнік Мікалай Карпянкоў. Згодна з беларускім заканадаўствам, грамадзяне, якія прымаюць удзел у баях за мяжой краіны, лічацца наёмнікамі – незалежна ад таго, ваююць яны за грошы ці з ідэалягічных меркаваньняў. Цяпер МУС правярае на дачыненьне да наёмніцтва 734 беларускіх грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

У 2017 годзе былі пачатыя 10 крымінальных спраў за наёмніцтва, да крымінальнай адказнасьці прыцягнутыя сем беларусаў. Таксама міліцыя выявіла 22 грамадзян Украіны, Расеі, Таджыкістана, якія пражывалі ў нашай краіне і таксама адзначыліся ў Данбасе (адзін загінуў). «Сабрана пяць матэрыялаў дасьледчых праверак у дачыненьні да наймітаў-беларусаў, якія маюць намер у бліжэйшы час вярнуцца на радзіму, для наступнага іх прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці. На кантроль перасячэньня дзяржмяжы пастаўленыя 90 наёмнікаў, якія не вярнуліся», – паведаміў кіраўнік ГУБАЗіК. Карпянкоў заявіў, што каля 40 чалавек, якія ваявалі на баку разнастайных украінскіх фармаваньняў, застаюцца за мяжой. А ў Беларусі на іх пачалі крымінальныя справы за злачынствы, учыненыя раней (хуліганства, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, махлярства, крадзяжы і г.д).

racyja.com/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт