У Беларусі можа зьявіцца Міністэрства лічбавай эканомікі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
22.03.2018 14:01
Стварэньне новага міністэрства цалкам упісваецца ў амбіцыйную задачу ператварыць Беларусь у IT-краіну.
geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain
У Беларусі можа зьявіцца Міністэрства лічбавай эканомікі. Яно будзе рэгуляваць IT-трансфармацыю ў краіне. Экспэрты вітаюць ідэю, але перасьцерагаюць ад бюракратызацыі
Стварэньне новага ведамства на сустрэчы з творчай моладзьдзю ў Менску анансаваў Аляксандр Лукашэнка. Такая прапанова яму паступіла раней.
Стварэньне новага міністэрства цалкам упісваецца ў амбіцыйную задачу ператварыць Беларусь у IT-краіну. Нагадаем, у сьнежні Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які ўлады распіярылі як рэвалюцыйны. Распрацоўшчыкі дэкрэта разьлічваюць на мультыплікатыўны эфэкт ад дзеяньня дакумэнта для ўсёй эканомікі, а ня толькі для IT-сфэры.
Хутчэй за ўсё, новае ведамства будуць ствараць на базе цяперашняга Міністэрства сувязі й інфарматызацыі.
Адной з найважнейшых задач новага ведамства можа стаць вывад усёй унутранай эканомікі на лічбавую плятформу. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы можна было б выкарыстоўваць распрацоўкі беларускай кампаніі OneSoil, якая стварае праграмнае забесьпячэньне ў сфэры дакладнага земляробства. Яно дазваляе маніторыць пасяўныя плошчы, павышаць ураджайнасьць і эканоміць рэсурсы з дапамогай штучнага інтэлекту.
паводле naviny.by/вс