Каталіцкі касьцёл апублікаваў тэкст новай малітвы за Беларусь
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.03.2018 15:44
Біскупы заклікаюць сьвятароў і вернікаў памаліцца словамі новай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка.
Чырвоны касьцёл у МенскуFoto: krynica.info
Каталіцкія біскупы Беларусі заклікаюць сьвятароў і вернікаў памаліцца словамі новай малітвы падчас усіх набажэнстваў 25 сакавіка – у дзень абвяшчэньня ў 1918 годзе незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Увесь гэты час Ты, Божа, быў з намі і праз заступніцтва Марыі, Апякункі Беларусі, Ты нам дапамагаў. У гады ліхалецьця суцяшаў нашыя сэрцы і запальваў агеньчык надзеі на лепшае заўтра. Сёньня, у часы крызысу духоўных каштоўнасьцяў, Ты праз свой Касьцёл умацоўваеш нашу веру, даеш новую надзею на будучыню і запальваеш у сэрцах любоў.
Мы дзякуем Табе, Божа, і просім аб дары мудрасьці для кіраўнікоў нашай дзяржавы, аб разважлівасьці і ўзаемаразуменьні паміж рознымі палітычнымі і грамадзкімі супольнасьцямі, а таксама аб велікадушнасьці для ўсіх грамадзянаў нашай краіны, каб панавалі ў ёй супакой, справядлівасьць, узаемная любоў і згода.
Усёмагутны і Міласэрны Божа, адары нас сваёй ласкаю і бласлаўленьнем, каб супольнымі намаганьнямі пад апекаю Марыі мы ўсе разам будавалі шчасьлівае заўтра нашай любай Бацькаўшчыны.
Божа, благаславі Беларусь! Просім праз Хрыста, Пана нашага. Амінь».
Каталіцкі касьцёл у Беларусі будзе адзначаць 25 сакавіка ўрачыстымі набажэнствамі адначасова з Пальмовай нядзеляй – успамінам пра ўваход Хрыста ў Іерусалім. Таксама на гэты дзень кожны год прыпадае каталіцкае сьвята Зьвеставаньня ў памяць таго, як архангел Габрыель абвясьціў Марыі аб тым, што Бог выбраў Яе ў якасьці Маці Збаўцы.
belsat.eu/яс