Logo Polskiego Radia
Print

Расея ўзмоцніць кантроль за беларускім малаком для дзіцячага харчаваньня

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.03.2018 15:45
«Мы сур'ёзна занепакоеныя сытуацыяй, зьвязанай зь бясьпекай пітнога малака, прызначанага для харчаваньня дзяцей (...)».
pixabay.com/Public Domain CC0

Рассельгаснагляд зьбіраецца ўзмоцніць кантроль за беларускім малаком для дзіцячага харчаваньня, якое пастаўляецца на расейскі рынак, з-за сыстэматычных парушэньняў. Пра гэта 15 сакавіка паведаміла афіцыйны прадстаўнік нагляднага ведамства Юлія Мелана.

«Мы сур'ёзна занепакоеныя сытуацыяй, зьвязанай зь бясьпекай пітнога малака, прызначанага для харчаваньня дзяцей, якое паступае з Рэспублікі Беларусь», – заявіла прадстаўнік Рассельгаснагляду.

Так, у Бранскай вобласьці працаўнікі ведамства выявілі рэшткі антыбактэрыйных прэпаратаў у пітным малацэ для дзяцей дашкольнага й школьнага ўзросту. Гэтая прадукцыя рэалізоўваецца пад гандлёвай маркай «Сарафаново», вытворца – Нясвіскі завод дзіцячага харчаваньня.

Юлія Мелана адзначыла, што яны неаднаразова папярэджвалі беларускіх калег аб выяўленьні антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі, і тыя павінны былі больш жорстка сачыць за якасьцю.

З 9 сакавіка Рассельгаснагляд увёў абмежаваньні ў дачыненьні да вытворцы зь Нясьвіжа. Цяпер ведамства ўзмоцніць кантроль за ўсёй беларускай прадукцыяй, прызначанай для дзіцячага харчаваньня.

тэлеграф/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт