Logo Polskiego Radia
Print

У Нацыянальным гістарычным музэі адкрываецца выстава, прысьвечаная БНР

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.03.2018 16:06
«1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасьці».
www.nn.by

«1918: БНР – Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасьці» – такая выстава пачынае працу ў Нацыянальным гістарычным музэі 15 сакавіка. Яна паказвае Беларускую Народную Рэспубліку як неабходную частку працэсу, без якой немагчыма зразумець гісторыю паўставаньня беларускай дзяржавы. Гэтую ідэю куратары выставы падкрэсьлілі, зьмясьціўшы пры канцы экспазыцыі, на ганаровым месцы, на аксаміце, сучасную Канстытуцыю Беларусі.

Выстава ж, якой адведзеная прасторная заля на першым паверсе музэя, ілюструе шлях, які прайшла Беларусь у 1914–1918: ад «этнаграфічнага племені» на мапах Карскага да нацыі з ідэяй незалежнасьці, дзяржавай, заканадаўчымі актамі.
Пачэснае месца займаюць дакумэнты: можна пабачыць арыгінальныя сьпісы дэлегатаў Усебеларускага зьезда 1917-га, Устаўныя граматы, нават своеасаблівую «генэалёгію беларускай дзяржаўнасьці»: накрэсьленую ад рукі схему перадачы ўлады ад Прэзыдыюма Усебеларускага зьезду да Рады БНР.

Побач – артэфакты: пячатка Рады БНР, якую насіў у кішэні Вацлаў Ластоўскі (яна ўстаўленая ў мэталічны футарал ад кішэннага гадзіньніка, а на вечку надрапана, каму пячатка належыць); арыгінальная бел-чырвона-белая стужка – адзнака вайскоўца-беларуса, многае іншае.

Спэкуляцыі на тэму таго, што БНР «не была дзяржавай», «не адбылася» лёгка абвяргаюцца асабістымі дакумэнтамі тых часоў. Сярод экспанатаў ёсьць, напрыклад, пашпарт грамадзянкі БНР, ёсьць пасьведчаньне, выдадзенае Радай сялянцы Ганьне Макей з вёскі Крынкі Наваградзкага павета. Крынкі – за два кілямэтры ад вёскі Некрашэвічы Карэліцкага раёна, дзе нарадзіўся цяперашні кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.

Выставу зьбіралі ня толькі з фондаў Гістарычнага. Многія экспанаты, напрыклад, маляваныя гербы тагачасных беларускіх рэгіёнаў, літаральна тыдзень таму знайшліся ў Музэі Вялікай Айчыннай вайны. Яны трапілі туды ў канцы 1940-х.
Выставу стваралі супольнымі намаганьнямі: супрацоўнікі музэя прыцягнулі да яе афармленьня мастакоў. Гісторык Сьцяпан Цемушаў, адзін з найлепшых картографаў Беларусі, зрабіў якасную мапу, са збораў прыватных калекцыянэраў былі ўзятыя некаторыя экспанаты – напрыклад, выдатная рэканструкцыя строю вайскоўца БНР.
Выстава адкрываецца 15 сакавіка аб 11-й у Нацыянальным гістарычным музэі (вул.Маркса, 12) і будзе працаваць да 7 мая.

Наша Ніва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт