Logo Polskiego Radia
Print

Расея гатова купіць у Беларусі арганічнай прадукцыі на $400 млн

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.03.2018 15:17
Паводле Мінсельгасхарча, цяпер у Беларусі налічваецца 20 вытворцаў арганічнай прадукцыі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Расея гатова закупіць беларускай арганічнай прадукцыі на $400 млн, паведаміў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі й харчаваньня Ўладзімір Гракун на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, прысьвечаным законапраекту аб вытворчасьці й абарачэньні арганічнай прадукцыі, перадае дзяржаўнае агенцтва Белта.

Цяпер у Беларусі налічваецца 20 вытворцаў арганічнай прадукцыі, у іх ліку фэрмэрскія й асабістыя падсобныя гаспадаркі, вялікія кампаніі, напрыклад, агракамбінат „Ждановічы”.

„Мы маем магчымасьць і сваё насельніцтва забясьпечыць арганічнай прадукцыяй, і прадаваць яе на экспарт. У нас ужо сёньня ёсьць на яе заказы. Расейская Фэдэрацыя гатова закупіць на $400 млн такой прадукцыі”, - сказаў Уладзімір Гракун.

У сувязі з гэтым ён падкрэсьліў важнасьць законапраекта „Аб вытворчасьці й абарачэньні арганічнай прадукцыі”, які дасьць магчымасьць упарадкаваць адносіны ў гэтай сфэры. Так, прапануецца ўвесьці сэртыфікацыю арганічнай прадукцыі й яе вытворчасьці.

Як паведамлялася, праект закона плянуецца разгледзець у першым чытаньні на веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт