У Горадні зьбіраюцца майстры з Польшчы ды Беларусі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
28.02.2018 16:34
Горад на Нёмане рыхтуецца да традыцыйнага кірмашу «Казюкі».
Езуіцкі сабор у Горадніwikimedia commons/Jurasikt/CC BY 3.0
Імпрэза зьбярэ майстроў і рамесьнікаў зь Беларусі й Польшчы.
4 сакавіка Горадня ператворыцца ў горад майстроў. На цэнтральнай плошчы горада – Савецкай – пачнецца вядомы яшчэ з часоў сярэднявечча кірмаш «Казюкі». Тады кірмаш ладзіўся штогод у памяць аб сьвятым Казіміру – заступніку моладзі, майстроў і рамесьнікаў. Сёлета цырымонія адкрыцьця пройдзе на трох мовах – беларускай, летувіскай, польскай.
Галоўная асаблівасьць імпрэзы – вырабы ручной работы. Сябе пакажуць звыш 200 майстроў з многіх рэгіёнаў Беларусі, таксама чакаюць гасьцей з Польшчы. Тут можна будзе набыць вырабы з гліны, скуры, дрэва, мэталю, саломкі.
Рамесьнікі правядуць майстар-клясы, прапануюць наведвальнікам самім вырабіць сувэнір на памяць. У прыватнасьці, заплянавана арганізацыя кавальскага гарадка, дзе кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў каваньні.
Стартуюць «Казюкі» ў 11 гадзін. Сьвята прадоўжыцца ўвесь дзень. Арганізатары абяцаюць, што, калі дазволіць надворʼе, рамесны гарадок разгорнецца яшчэ 3 сакавіка.
На гарадзенскім кірмашы будуць ня толькі гандляваць. У праграме выступы фальклёрных песенных і танцавальных калектываў.
Кірмаш ладзіцца сумесна Гарадзенскім гарвыканкамам і гарадзкім аддзелам Саюза палякаў у Беларусі.
Паводле Белта/юл