«Левыя» чакаюць ад свайго ўраду адказу пра стан нямецка-беларускіх дачыненьняў.
Фракцыя левых у нямецкім Бундэстагу зьвярнулася да нямецкага кіраўніцтва — канцлера Ангелы Мэркель і кіраўніка МЗС Зыгмара Габрыеля — з запытам пра беларуска-нямецкія дачыненьні. У час, калі ў краіне вядуцца перамовы аб стварэньні вялікай кааліцыі паміж хрысьціянскімі і сацыял-дэмакратамі, эўрадэпутаты хочуць атрымаць ад высокіх асобаў краіны ды ўраду, адказы на 29 пытаньняў.
Нямецкія левыя хочуць ведаць, у якой ступені фэдэральны ўрад падтрымлівае ідэю рамачнага пагадненьня паміж ЭЗ і Беларусьсю. Пакуль дачыненьні паміж Менскам і Брусэлем рэгулююцца дамовай ад 1989 году паміж СССР і Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю, і Беларусь застаецца адзінай сярод шасьці краін — удзельніц праграмы «Ўсходняга партнэрства» (УП), якая ня мае двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве.
Сярод пытаньняў, якія зьмяшчаюцца ў запыце наступныя:
• Колькасьць сустрэч паміж Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам, пачынаючы з 2005 году, з указаньнем іх часу і месца.
• У чым канкрэтныя вынікі менскай сустрэчы ў лістападзе 2017 году паміж Зыгмарам Габрыелем, Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Макеем?
• Якія намаганьні зрабіў нямецкі ўрад у сувязі з адменай ці мараторыем на сьмяротнае пакараньне?
• Як ацэньвае нямецкае кіраўніцтва ролю Менску ў перамовах пра ўкраінскі крызіс?
• У якой ступені пацьвердзіліся асьцярогі фэдэральнага міністра абароны, зьвязаныя з вайсковымі вучэньнямі «Захад-2017», дзе, паводле яе ацэнак, маглі ўзяць удзел каля 100 000 чалавек?
• Якія мэмарыяльныя праекты, прысьвечаныя ахвярам нямецкай акупацыі падчас Другой усясьветнай вайны, падтрымала нямецкае кіраўніцтва ад 2005 году (з указаньнем часу, месца, назваў і фінансавай падтрымкі)? У якіх з гэтых мерапрыемстваў узяло ўдзел нямецкае кіраўніцтва?
• Якія выплаты зрабіла ФРГ Беларусі і яе грамадзянам, які пацярпелі падчас Другой усясьветнай вайны?(назваць канкрэтна гады і аб’ём выплат)
• Што вядома фэдэральнаму ўраду пра двухбаковыя праграмы супрацоўніцтва ў розных галінах?
• Які бюджэт фэдэральнага ўраду для фінансаваньня праграмаў падтрымкі Беларусі?
• Што вядома фэдэральнаму ўраду пра цяперашні стан перамоваў паміж Беларусьсю і ЭЗ наконт палёгкі візавага рэжыму?
• Як фэдэральны ўрад зьбіраецца адказаць на ўведзены Беларусьсю ў лютым 2017-га кароткі бязьвізавы рэжым для турыстаў з 80 краін сьвету, у тым ліку ўсіх дзяржаў ЭЗ?
Што да тэмы нямецка-беларускіх стасункаў, то нямецкія левыя і раней задавалі фэдэральнаму ўраду нямала нязручных пытаньняў.
Так, у 2012 годзе вынікам іх запыту пра супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх паліцыянтаў стала вучоба і назіраньне беларускіх сілавікоў за дзеяньнямі нямецкіх калег падчас задушэньня дэманстрацыяў у Дрэздэне, забесьпячэньне беларускай міліцыі рознымі сродкамі ў гэтых мэтах зь Нямеччыны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў-2010 і іншае. Далейшая публікацыя матэрыялаў расьсьледаваньня на гэтую тэму нямецкіх палітыкаў выклікалі вялікі скандал у грамадзтве.
svaboda.org/яс