Logo Polskiego Radia
Print

Украінца засудзілі ў Беларусі за правоз паляўнічай стрэльбы празь мяжу

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.02.2018 15:29
Цяпер украінец знаходзіцца ў выпраўленчай калёніі № 2 упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі па Берасьцейскай вобласьці.
foto: pixabay.com

Суд Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці прысудзіў грамадзяніну Ўкраіны пазбаўленьне волі на тры гады і тры месяцы за «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі».

Пра гэта стала вядома пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнулася ў суд для прывядзеньня пакараньня ў адпаведнасьць з нацыянальным заканадаўствам, каб гэта стала падставай для экстрадыцыі ўкраінца на бацькаўшчыну.

Але суд палічыў адпаведнае хадайніцтва Міністэрства юстыцыі беспадстаўным — ва Ўкраіне такое правапарушэньне ёсьць адміністрацыйным, а не крымінальным. У выпадку, калі Міністэрства юстыцыі не абскардзіць судовае рашэньне, грамадзянін Украіны будзе адбываць пакараньне ў Беларусі.

Цяпер украінец знаходзіцца ў выпраўленчай калёніі № 2 упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі па Берасьцейскай вобласьці. Прысуд быў абвешчаны 8 чэрвеня 2017 года. У лістападзе таго ж году Генэральная пракуратура Беларусі прапанавала Ўкраіне экстрадаваць украінца на бацькаўшчыну для далейшага адбываньня пакараньня.

Як высьветлілася падчас судовага разгляду хадайніцтва Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, грамадзянін Украіны спрабаваў правезьці на тэрыторыю Беларусі паляўнічую вінтоўку, якую экспэртыза вызначыла як «гладкаствольную агнястрэльную зброю».

У Беларусі грамадзяніна Ўкраіны асудзілі паводле часткі першай артыкулу 333-1 (незаконнае перамяшчэньне агнястрэльнай зброі) Крымінальнага кодэксу.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт