Logo Polskiego Radia
Print

Брытанскі фонд адновіць слонімскую сынагогу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.02.2018 14:53
Габрэйская сьвятыня XVII стагодзьдзя трапіла ў лік чатырох найбольш значных сынагог Эўропы.
svaboda.org

Слонімская сынагога XVII стагодзьдзя трапіла ў лік чатырох найбольш значных сынагог Эўропы, якія патрабуюць тэрміновай рэканструкцыі. Як паведамляе Радыё «Свабода», ўжо сёлета можа пачацца яе кансэрвацыя, а цягам наступных пяці гадоў – рэканструкцыя.

7 лютага ў будынку Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту абмяркоўвалі слонімскую сынагогу. Яна трапіла ў лік чатырох найбольш важных габрэйскіх храмаў Эўропы сярод больш як 3300. Гэтыя чатыры ў першую чаргу плянуе аднавіць брытанскі Фонд габрэйскай спадчыны (Foundation for Jewish Herirage).

Ідэя абсьледаваць усе захаваныя ў Эўропе сынагогі й вызначыць іх «рэйтынг значнасьці» належала брытанскаму гісторыку Сайману Шаме (Simon Schama). Найбольш каштоўныя будынкі з гэтага рэйтынгу плянуецца рэканструяваць. У ліку першых значыцца слонімская сынагога.

Барочная сынагога ў Слоніме будавалася ў 1635–1642 гадах. У савецкі час там быў склад мэблевай крамы, у прыбудовах месьціўся малочны бар. У 1990-я помнік архітэктуры перадалі дзяржаве. Ад таго часу ягоны стан несупынна пагаршаецца. У сынагогу наведваліся вандалы, сюды выкідвалі сьмецьце.

У канцы 2017 году быў ацэнены стан будынка – і прызнаны аварыйным. У бліжэйшы час сябры брытанскай дабрачыннай арганізацыі The Together Plan разам зь беларускімі грамадзкімі актывістамі, правядуць працы па кансэрвацыі будынку. Рэстаўрацыя ж слонімскай сынагогі зойме ня менш за пяць гадоў, а кошты працаў ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў даляраў.

svaboda.org/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт