Logo Polskiego Radia
Print

У Верхнядзьвінску выратавалі лася, які тануў у рацэ

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.02.2018 16:12
Шэсьць мужчын выцягнуць яго не змаглі, прыйшлося зьвярнуцца па дапамогу лябёдкі.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У Верхнядзьвінску супрацоўнікі паляўнічай арганізацыі і работнікі МНС выратавалі лася, які тануў у рацэ Дрыса. Лось ня мог выбрацца з палонкі. На лёд спусьцілі плыт. Ад яго да берага ачысьцілі ад лёду ўчастак ракі – каб жывёла змагла выйсьці. Але моцная плынь аднесла яго на 1,5 кілямэтра. Тады ў гэтым месцы знайшлі зручны спуск да ракі, падрыхтавалі пляцоўку для лася.

На шыю жывёле ўдалося накінуць пятлю – так людзі здолелі кантраляваць яго рух. Але нават шэсьць мужчын выцягнуць яго не змаглі, прыйшлося зьвярнуцца па дапамогу лябёдкі.

На беразе лось лёг на падрыхтаваную для яго пляцоўку. Людзі накрылі яго коўдрамі і саломай, расклалі побач вялікае вогнішча. Але жывёла настолькі зьнясілела, што не рэагавала нават на агонь. Аднак уначы ён падняўся і пайшоў у лес. А на наступны дзень мясцовыя жыхары ўбачылі, што лось ужо добра пачуваецца.

Наша Ніва/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт