З палону ў Лібіі вызвалілі былога беларускага спэцназаўца
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
02.02.2018 09:37
Пытаньнем вызваленьня займаўся асабіста кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
фота: tut.by
З палону ў Лібіі вызвалілі былога беларускага спэцназаўца. Вячаслаў Качура быў у зьняволеньні зь лета 2011 года. Яго вызваленьню паспрыялі расейскія дыпляматы. Беларус ужо вярнуўся на радзіму, у аэрапорце яго сустракалі дачка й сын, ён паехаў дамоў у Мар'іну Горку.
Вядома, што Качура, былы начальнік штабу 334-га асобнага атрада спэцназу ГРУ СССР, служыў у Афганістане. У Лібіі знаходзіўся з чэрвеня 2011-га ў якасьці ваеннага спэцыяліста. Ён прыехаў у складзе групы міжнародных спэцыялістаў зь Беларусі, Украіны й Расеі. Ужо праз два месяцы іх затрымалі праціўнікі Кадафі. Ваенным спэцыялістам выставілі абвінавачаньне ў супрацоўніцтве з рэжымам Кадафі. Частку затрыманых пазьней удалося вызваліць, а беларус заставаўся за кратамі.
Як паведаміў кіраўнік расейскай кантактнай групы па ўнутрылібійскаму ўрэгуляваньню Леў Дзяньгоў, вызваленьне Вячаслава Качуры стала магчымым пасьля доўгіх перамоў. Пытаньнем вызваленьня займаўся асабіста кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, які каардынаваў свае дзеяньні з МЗС Расеі, Беларусі й з КДБ.
Адзначаецца, што Качура адчувае сябе добра. Апошнім часам ён знаходзіўся ў лепшых умовах – яго ўдалося перавесьці ў турму ў горадзе Трыпалі.
У бліжэйшы час сытуацыю пракамэнтуе МЗС Беларусі.
tut.by/эўрарадыё/вс