Сямашка: Посьпех на „Дакары-2018” станоўча паўплывае на продаж МАЗа
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
31.01.2018 11:17
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі-рэйдзе „Дакар-2018” ужо сёмы раз.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain
Посьпех каманды „МАЗ-СПОРТаўта” павысіць прэстыж гандлёвай маркі МАЗ і станоўча паўплывае на продажы прадукцыі Менскага аўтамабільнага завода, пераконваў намесьнік прэм'ер-міністра Ўладзімір Сямашка на ўрачыстым сходзе ў ДК „МАЗ”, дзе ўшаноўвалі каманду „МАЗ-СПОРТаўта”.
Віцэ-прэм'ер адзначыў важнасьць таго, што аўтамабіль, на якім спартсмэны пераадолелі вельмі складаную трасу „Дакара”, у сваёй аснове - сэрыйная машына, у той час як канкурэнты, як правіла, для ўдзелу ў ралі рыхтуюць спэцыяльную тэхніку.
„Для многіх пакупнікоў гэта будзе сьведчыць аб тым, што асабліва ў такіх экстрэмальных умовах сярод шэрага іншых аўтамабіляў трэба аддаваць перавагу МАЗу”, - лічыць віцэ-прэм'ер. Ён канстатаваў, што апошнія некалькі гадоў МАЗ перажываў складаны пэрыяд з-за суб'ектыўных і аб'ектыўных прычын.
„Але вось ужо ў канцы мінулага году прадпрыемства выйшла на рэнтабэльную работу, і прагнозы, якія мы сфарміравалі на 2018 год, паказваюць, што МАЗ павінен істотна дабавіць і ў аб'ёмах, і ў рэнтабэльнасьці. Гэта дасьць больш магчымасьцей для калектыву, у тым ліку каманды „МАЗ-СПОРТаўта”, - сказаў Уладзімір Сямашка.
Беларускі МАЗ пад кіраваньнем Сяргея Вязовіча заняў другое месца ў агульным заліку ралі-рэйду „Дакар-2018”. Выйграў „Дакар” расеец Эдуард Нікалаеў на КамАЗе. Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі-рэйдзе ўжо сёмы раз.
Уладальнікам каманды выступае Менскі аўтазавод, тэхнічным партнэрам - тэлекам-апэратар velcom. Аўтамарафон у гэтым годзе праходзіў па тэрыторыі трох краін - Пэру, Балівіі й Аргентыны. Працягласьць толькі скорасных участкаў склала 3,5 тыс. км.
belta.by/аз