БАЖ і БХК просяць Канстытуцыйны суд выказацца наконт працы журналістаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
31.01.2018 09:02
Заяўнікі просяць суд распачаць вытворчасьць па справе аб ліквідацыі прабелаў у нарматыўных прававых актах.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК) просяць Канстытуцыйны суд выказацца з нагоды прававой няпэўнасьці, у выніку якой журналістаў-фрылянсэраў у Беларусі прыцягваюць да адказнасьці па артыкуле 22.9 КоАП (парушэньне заканадаўства аб СМІ).
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у сумесным звароце дзьвюх арганізацый прыводзяцца выпадкі, калі суды накладваюць штрафы на журналістаў, як на фізычных асоб па гэтым артыкуле за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Пры гэтым згодна зь дзейным законам „Аб сродках масавай інфармацыі” выраб прадукцыі СМІ зьяўляецца выключна прэрагатывай юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі.
Заяўнікі просяць Канстытуцыйны суд распачаць вытворчасьць па справе аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэньні ў іх калізій і прававой няпэўнасьці ў сьвятле канстытуцыйных гарантый на свабоднае выказваньне перакананьняў (арт. 33 Канстытуцыі), права на атрыманьне, захоўваньне й распаўсюджваньне дакладнай інфармацыі (арт. 34 Канстытуцыі). На думку БХК і БАЖ, Канстытуцыйны суд можа прыняць рашэньне, у якім былі б дакладна сфармуляваныя прапановы канкрэтным дзяржорганам і прэзыдэнту аб неабходнасьці зьмены заканадаўства па рэгуляваньні дзейнасьці СМІ й журналістаў.
Паводле зьвестак БАЖ, у 2017 годзе журналісты-фрылянсэры 69 разоў прыцягваліся судамі да адказнасьці за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі на падставе ч. 2 арт. 22.9 КоАП. Такая практыка працягваецца і ў гэтым годзе.
belapan.com/аз