Кіраўнік МЗС Чэхіі адказаў Беларусі: Помнік Коневу - справа жыхароў Прагі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.01.2018 10:39
МЗС Чэхіі: Улады краіны ня могуць умешвацца ў рашэньні органаў мясцовага самакіраваньня.
Praga. Zdjęcie ilustracyjneFoto: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Міністар замежных спраў Чэхіі Марцін Стропніцкі лічыць „непатрэбным жэстам” ліст паслоў пяці краін былога Савецкага Саюзу адносна помніка маршалу Івану Коневу ў Празе.
У сваім лісьце ад 22 сьнежня 2017 году паслы Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Казахстану й Расеі пратэставалі супраць плянаў разьмясьціць каля помніка новую шыльду зь біяграфіяй маршала, у якой, у прыватнасьці, была б пазначана ягоная роля ня толькі пры вызваленьні Прагі ў 1945 годзе, але й пры задушэньні Вугорскага паўстаньня ў 1956 годзе й „Праскай вясны” ў 1968 годзе.
У апублікаваным на сайце МЗС Чэхіі адкрытым лісьце паслам Стропніцкі адзначыў, што ўлады краіны ня могуць умешвацца ў рашэньні органаў мясцовага самакіраваньня.
Рашэньне разьмясьціць новую шыльду прыняла рада праскага раёну, дзе разьмешчаны помнік Коневу.
Міністар таксама адзначыў, што помнік Коневу не зьяўляецца ваенным мэмарыялам, а рашэньне пра яго лёс павінны прымаць жыхары Прагі й выбраныя імі прадстаўнікі.
Кіраўнік МЗС Чэхіі выказаў надзею, што паслы „ня будуць падымаць тэмы, якія не спрыяюць разьвіцьцю ўзаемных адносін”.
svaboda.org/аз