Logo Polskiego Radia
Print

Беларуса, які чакае ў Польшчы статусу палітуцекача, могуць экстрадаваць

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.01.2018 11:12
Мужчына зьвязвае свой перасьлед з грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю, якую ён праводзіў у Беларусі.
Photo: jhusemannde/pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0


34-гадовы грамадзянін Беларусі Аляксей Д., які тры гады жыве ў Польшчы й чакае статусу палітычнага ўцекача, быў затрыманы паліцыяй на сваім працоўным месцы. Гэта здарылася 4 студзеня. Як высьветлілася, беларускі бок дамагаецца яго экстрадыцыі з Польшчы.

„Для мяне было шокам, калі прыйшлі на працу й майму начальніку паведамілі, што мяне шукае інтэрпол нібыта за згвалтаваньне жанчыны. Потым ужо ў паліцэйскім камісарыяце сказалі, што затрыманьне зьвязана з неаплатай падаткаў у Беларусі”, — распавёў Эўрарадыё грамадзкі актывіст, сябра руху „Разам” Аляксей Д.

Паводле польскага заканадаўства, пытаньне аб падаўжэньні арышту разглядаецца цягам 24 гадзін. Спачатку справа Аляксея разглядалася 5 студзеня ў Акруговай пракуратуры ў Варшаве, потым у Акруговым судзе. Судзьдзя вырашыў выпусьціць Аляксея пад заклад, цяпер беларус мусіць два разы на тыдзень зьяўляцца ў паліцыі, а таксама чакаць — ці Беларусь не дашле чарговыя факты парушэньня заканадаўства.

Сам Аляксей зьвязвае свой перасьлед з грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю ў Беларусі, якую ён распачаў у 2006 годзе й праз перасьлед быў вымушаны пакінуць краіну тры гады таму. Гэта ня першы выпадак, калі Беларусь дамагаецца ад Польшчы экстрадыцыі сваіх грамадзян. Так больш за 10 гадоў цягнулася судовая справа бізнэсоўца Андрэя Жукаўца, таксама беларускі бок дамагаўся экстрадыцыі былога супрацоўніка міліцыі Андрэя Пыжыка.

euroradio.fm/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт