У Беларусі даражэюць жыльлёва-камунальныя паслугі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
05.01.2018 17:24
Улады разьлічваюць выйсьці на 70% узровень кампэнсацыі насельніцтвам затрат на ЖКГ.
Foto: GreenGreed/Wikipedia Commons/CC-BY-SA 3.0
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №473 «Аб устанаўленьні тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год». Указ усталёўвае гранічна дапушчальныя тарыфы. У выніку тарыфы за жыльлёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні імі паслуг, павысяцца ў межах 5 даляраў.
Улады плянуюць, што гэта дазволіць у 2018 годзе забясьпечыць узровень кампэнсацыі насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыльлёва-камунальных паслуг больш чым на 70%. Па шэрагу паслуг, як тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў, ліфтаў, водазабесьпячэньне, збор, вываз і абясшкоджваньне камунальных адходаў, – плянуецца выйсьці на стопрацэнтнае пакрыцьцё.
Разам з тым указ прадугледжвае магчымасьць прадстаўленьня дзяржаўнай падтрымкі для насельніцтва праз безнаяўныя жыльлёвыя субсыдыі. Яны будуць выдзяляцца грамадзянам і семʼям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% – у сельскай мясцовасьці.
Паводле Наша Ніва/юл