Logo Polskiego Radia
Print

Мінпрацы зьбіраецца адпраўляць мужчын у абавязковы «дэкрэтны»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.01.2018 15:57
Пра гэта паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны краіны Ірына Касьцевіч.
Foto: pixabay.com/CC0

Беларусь працягне падвышаць пэнсійны ўзрост і разглядае пытаньне аб увядзеньні абавязковага неаплачванага дэкрэтнага водпуску для мужчын. Пра гэта 4 студзеня паведаміла на прэсавай канферэнцыі міністарка працы і сацыяльнай абароны краіны Ірына Касьцевіч.

Яна сказала, што, згодна з мэтодыкай ААН, да краінаў са старым насельніцтвам адносяцца тыя дзяржавы, у якіх больш за 7% жыхароў маюць узрост звыш 65 гадоў. У Беларусі такая норма перавышаная ўдвая, паколькі 15% насельніцтва краіны — людзі, старэйшыя за 65 гадоў.

Касьцевіч таксама адзначыла, што павялічваецца і сярэдні ўзрост людзей, якія бяруць шлюб. Прынамсі ў 2017 годзе сярэдні ўзрост мужчын быў 28 гадоў, а жанчын — 25 гадоў. Першае дзіця ў сям’і цяпер зьяўляецца тады, калі жанчыне 26 і болей гадоў.

У 2018 годзе ў Беларусі павялічыцца пэнсійны ўзрост, нагадала міністарка. Яна сказала, што сёлета для жанчын гэты ўзрост вырасьце з 55 да 56 гадоў, а для мужчын — з 60 да 61. Да 2022 году гэтыя лічбы адпаведна павялічацца да 58 і 63 гадоў.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пакуль не разглядае пытаньне аб абавязковым водпуску для бацькі, які хоча даглядаць сваё дзіця. Міністэрства разглядае пытаньне аб увядзеньні абавязковага неаплачванага водпуску на некалькі дзён для бацькі.

Сёньня такая заканадаўчая норма існуе, але працадаўца можа яго і ня даць, калі палічыць, што такі водпуск немагчымы па ўмовах працы.

svaboda.org/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт