Беларускія лекары з лібійскага палону вярнуліся дахаты
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.12.2017 16:10
У аэрапорце мэдыкі падзякавалі Лукашэнку, Пуціну і Кадыраву.
pixabay.com
Сям’я з Гомлю, урач-траўматоляг Сяргей Здота і апэрацыйная сястра Іна Бабуш, якіх трымалі ў Лібіі прымусам, вярнуліся на радзіму.
З 2010 года дактары працавалі па кантракце ў прыватным мэдычным цэнтры ў лібійскім горадзе Зінтан, у 100 км ад сталіцы.
Мэдыкаў трымалі пад хатнім арыштам, каб прымусіць падоўжыць кантракт. У іх таксама адабралі пашпарты. Аднак сям’і ўдалося зьвязацца з беларускім Міністэрствам міністэрствам замежных справаў, якое дапамагло сямейнай пары.
Пра сваю дапамогу лекарам у Тэлеграме напісаў Рамзан Кадыраў.
У сераду спадар Сяргей і спадарыня Іна вылецелі з Лібіі ў Менск праз Маскву.
«Без узгодненай працы такое складанае пытаньне не вырашылі б так удала і апэратыўна», – заявіў Сяргей Здота.
БЕЛТА падае, што мэдыкі падзякавалі Аляксандру Лукашэнку, Уладзіміру Пуціну і Рамзану Кадыраву, а таксама дыпляматам і журналістам, якія ім дапамагалі.
belsat.eu/яс