«Вожык» і «Мастацтва» пазбаўленыя дзяржаўных субсыдый
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.12.2017 15:23
«Вожык» надалей будзе выходзіць, сытуацыя «Мастацтва» няпэўная.
Са сьпісу сродкаў масавай інфармацыі, якія ў 2018 годзе атрымаюць дзяржаўную падтрымку, зьніклі два беларускамоўныя выданьні – часопісы «Вожык» і «Мастацтва».
Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў сьпіс паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі. У 2017 годзе ў ім было 26 выданьняў, а ў 2018-м – толькі 23.
«Вожык», які цяпер выходзіць як штомесячны часопіс выдавецкага дому «Звязда», быў утвораны ў 1945 годзе, да таго ад 1941 году выдаваўся як сатырычны плякат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У розныя часы ў «Вожыку» друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў.
Часопіс «Мастацтва» выдаецца з 1983 года. Яго заснавальнік Міністэрства культуры Беларусі. Выдавец – рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва». Яго галоўным рэдактарам быў драматург Аляксей Дудараў.
Наклад «Вожыка» складае 850 асобнікаў, а адзін нумар каштуе 4 рублі. Выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара «Вожыка» Аляксандар Каршакевіч упэўнены, што беларускі «Вожык» будзе выходзіць. А пра тое, што яго ня будуць падтрымліваць субсыдыямі, рэдакцыя ведала раней і падрыхтавалася.
У рэдакцыі «Мастацтва» паведамілі, што ў Менску ў продаж паступае толькі 30 асобнікаў. Часопіс мае наклад каля 900 асобнікаў. Намесьнік галоўнага рэдактара «Мастацтва» Зьміцер Падбярэзскі сказаў, што сытуацыя пасьля выключэньня выданьня са сьпісу дзяржаўнай падтрымкі няпэўная.
svaboda.org/яс