Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка падпісаў рэвалюцыйны дэкрэт аб ІТ-бізнэсе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.12.2017 13:03
Стаўка робіцца, між іншым, на спрашчэньне правілаў гульні для замежных інвэстараў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Экспэрты лічаць, што закон можа стаць прарыўным. Стаўка робіцца на спрашчэньне правілаў гульні ў беларускім ПВТ для замежных інвэстараў, да таго ж легалізуюцца крыптавалюты. Глябальны намер палягае ў тым, каб пераўтварыць Беларусь з краіны «ІТ-аўтсорсэра» ў самастойнага гульца, які працуе на сябе, а не на замежныя кампаніі.

Ад падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) вызваляюцца некаторыя замежныя інвэстары. Захоўваюцца льготы для паркаў высокіх тэхналёгій, рэзыдэнты ПВТ атрымліваюць магчымасьць праводзіць апэрацыі з электроннымі грашыма без шэрагу ранейшых абмежаваньняў. Асобным пунктам у дэкрэце адзначаецца магчымасьць інвэставаць у ПВТ па брытанскім праве і заключаць дамовы, якія выкарыстоўваюцца ў міжнародным бізнэсе. Рэзыдэнтам ПВТ таксама спрашчаюць рэкрутынг замежных спэцыялістаў: для такіх замежнікаў скасоўваюцца візы, а іх наймальнікам не трэба будзе атрымліваць дазволы, зьвязаныя з прыёмам на работу грамадзян іншых краін. У Беларусі цалкам легалізуюцца лічбавыя валюты і токены, ствараюцца ўмовы для ўцягненьня крыптавалют у грамадзянскі абарот.

Таксама важна, што ўмовы допуску ў ПВТ застаюцца ранейшымі – толькі правераныя фірмы змогуць працаваць у такім рэжыме. Пры гэтым пашыраюцца сфэры дзейнасьці ПВТ: распрацоўка бесьпілётнага транспарту, штучнага інтэлекту, мэдыцынскія і біятэхналёгіі, авіяцыйныя і касьмічныя распрацоўкі.

ІТ-супольнасьць мяркуе, што калі дэкрэт будзе прыняты ў поўным выглядзе, то гэта зробіць Беларусь лідарам у рэгіёне па вядзеньні ІТ-бізнэсу.

nn.by/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт