Беларусь заняла 153 са 180 месцаў у рэйтынгу свабоды прэсы
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.12.2017 16:22
У першую пяцёрку краін у рэйтынгу свабоды прэсы ўвайшлі Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя, Данія й Нідэрлянды.
pixabay.com/Public Domain CC0
У 2017 годзе Беларусь заняла 153 са 180 месцаў у рэйтынгу свабоды прэсы, які штогод складае арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў». У 2016 годзе краіна займала 157 пазыцыю.
У разьдзеле па Беларусі пад загалоўкам «Ілжывая адліга» адзначаецца: «Імкнучыся аслабіць уплыў Расеі на Беларусь і выйсьці з эканамічнага крызысу, рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе спадабацца міжнароднай супольнасьці й сьцерці свой вобраз «апошняй дыктатуры Эўропы». Але, акрамя вызваленьня палітвязьняў, нічога не зьмянілася».
«Рэпарцёры бязь межаў» адзначаюць, што беларускія журналісты, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, ня могуць атрымаць акрэдытацыю й зазнаюць судовыя перасьледы за працу безь яе.
Паляпшэньне пазыцыі Беларусі ў рэйтынгу зьвязанае з тым, што ў 2016 годзе журналісты ў Беларусі менш перасьледваліся. «Але зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да закручваньня гаек», – адзначаюць «Рэпарцёры бязь межаў».
У першую пяцёрку краін у рэйтынгу свабоды прэсы ўвайшлі Нарвэгія, Швэцыя, Фінляндыя, Данія й Нідэрлянды. Расея займае 148 месца, Польшча – 54, Латвія – 28, Летува – 36, Украіна – 102.
Замыкаюць рэйтынг Туркмэністан, Эрытрэя й Паўночная Карэя.
белапан/вс